Ліда

Lida   У сутоку двух рэк, Лідзеі і Каменкі, - там, дзе на забалочаных прасторах некалі раслі густыя непраходныя лясы, перад імі на высокім узгорку стаяў замак. 3 вышыні яго вежаў позірку адкрываўся прыгожы від на даліну, працякаючай побач выгібам ракі. Гаспадаром замка быў яго заснавальнік літоўскі князь Гедымін. Была ў яго прыгажэйшая тварам з чорнымі і густымі, быццам крыллі ворана, валасамі, з чорнымі, як вугалькі вачыма, дачка. Прыгажосцю дзяўчыны любаваліся ўсе, пачынаючы з заможных, у якіх недахопу не было, канчаючы простым людам. Простыя сяляне, якія жылі паблізу замка, вельмі любілі Ліду, так звалі гэтую дзяўчыну, за яе добрае спагадлівае сэрца.

   У пагодлівыя сонечныя дні, у беласнежнай сукенцы са сплеценым з палявых кветак вянком на галаве і ў акружэнні слуг, яна, быццам матылёк, пырхала на расквечаных лугах і пашы. Выглядзела пры гэтым дзівосна: як вясна, якая як заўсёды прыходзіць пасля доўгай і суровай зімы, прыносячы радасць і спакой. Бачачы яе, людзі спыняліся як заварожаныя. А яна як быццам гэтага не заўважвала. Перабягала Ліда праз зялёныя аазісы, шчабечучы як птушка, якая толькі што вылецяла з гнязда, вызваліўшыся з-пад матчынай апекі.

   Час хутка ішоў. І не паспела Ліда аглянуцца, як стала стройнай, рослай і прыгожай дзяўчынай на выданні.

   "Ужо пара табе замуж, любімая дачушка, - сказаў аднойчы бацька. - Ты ўжо зусім дарослая дзяўчына".

   "Мне гэта нават яшчэ ў галаву не прыходзіла, - адказала Ліда. - Я яшчэ зусім маладая. Ці ж я добраахвотна павінна адмовіцца ад чароўнасці гэтага прыгожага свету? А ці магу я даведацца, хто ж будзе маім суджаным?" - нясмела спытала яна бацьку.

   "Гэта ўплывовы і прыстойны пан, які мае вялікія заслугі перад краем, багаты і разумны". - Бацька назваў імя суседскага князя, вядомага сваім старэчым узростам і не менш непрыемным вонкавым выглядам.

   "Хто?! Гэты старэнькі?!... Сумлення ў цябе, бацька, няма!"

   "Лепшай партыі табе не знайсці. Ён багаты, прыстойны і любіць цябе".

   "Але ж я яго зусім не люблю! Не пайду за яго!"

   "Павінна!" - сказаў, як адрэзаў бацька.

   "Бацька, злітуйся, пашкадуй!" - з мальбой у голасе вымавіла Ліда. Але той застаўся няўмольным.

   3 гэтага часу прайшло некалькі месяцаў. Вада ў рэках замёрзла, зямля змерзлася, дрэвы без лісцяў замерлі ў нерухомасці, а снежны покрыў услаў даліны і ўзгоркі.

   А калі вясной яблыні пусцілі розавыя бутоны кветак, сцеблі свежай зялёнай травы падняліся ўвысь; а сонца цёплымі праменнямі абхапіла ў свае абдымкі сады і палі, каля варот замка спыніўся атрад. Сумнення не было - прыехаў жаніх.

   Князь Гедымін прыняў госця з вялікай пашанай. Тры дні ламаліся сталы ад прысмакаў і цудоўных напіткаў. Тры дні працягваўся пір і ігралі музыкі.

   Увесь гэты час Ліда сядзела ў сваёй святліцы, праводзячы дні і ночы ў глыбокім задуменні. Не адна сляза скацілася па яе бледным твары. Не дапамагалі ні суцяшэнні прыдворных, ні ўгаворы самай любімай яе няні. Не дапамагалі мальба і заклінанні маці, ні перасцярога бацькі. Ліда зацялася. Не хацела ні з кім размаўляць, не прымала ежу, толькі шаптала словы малітвы.

   "Загрызе сябе да смерці", - шапталі па кутах прыдворныя.

   "Памрэ з голаду нябога", - ламала рукі няня.

   Настаў трэці дзень гуляння. Скончыўся пір. Седзячы каля акна, Ліда пачула знаёмыя крокі бацькі і бразганне зброі. Сумнення не было: разам з бацькам ішоў жаніх.

   Не чакаючы гасцей, праслізгнула яна праз кутыя жалезам дзверы і праз лабірынт калідораў і дзвярэй, паднялася на замкавую сцяну. Як звычайна ў белай сукенцы, стала, выпрасталася. Вецер ласкава іграў складкамі яе сукенкі, развяваў доўгія чорныя валасы. Падняўшы высока непакорную галаву, Ліда ахапіла позіркам знаёмыя з дзяцінства палі, лясы, лугі і кветкі, якія яна палюбіла ўсім сэрцам. У апошні раз услухалася ў шчабятанне птушак, шум ветру і меладычны голас іграючай дзесьці жалейкі. Развітвалася з навакольным светам і жыццём.

   Дарэмна беглі да яе ўстрывожаныя прыдворныя. Дарэмна клікаў у адчаі бацька. Ліда яшчэ раз зірнула навокал і кінулася са сцяны ў воды працякаючай побач ракі.

   Доўга аплакваў Ліду ўвесь двор і, перш за ўсё, просты люд. Расказ аб яе самаахвярнасці ў імя кахання перадаваўся з пакалення ў пакаленне і дайшоў да нашых дзён. Расказваюць, што ў цёплыя вясеннія ночы, калі расцвітаюць сады, а месяц ярка асвятляе замкавы груд, у срэбным яго святле на сцяне замка з'яўляецца постаць Ліды, прыбраная ўсё ў тую ж белую сукенку са сплеценым з палявых кветак вянком на галаве. Узняўшыся ва ўвесь свой рост, яна аглядае ўсё навокал, а на золку знікае.

   Далей легенда сцвярджае, што Гедымін усвядоміў сваю непапраўную памылку і ў памяць аб любімай прыгажуні - дачцы назваў горад Лідай, а раку, у якой яна ўтапілася, - Лідзеяй.


Кулеш, А.Ф. Горад Ліда: гісторыя, легенда, факты. – Ліда, 1994


   Як не прывабна назву горада звязваць з прозвішчам прыгожай князёўны, аднак гэта не будзе адпавядаць рэчаіснасці. Справа ў тым, што імя Лідзія старагрэчаскага паходжання, вельмі рэдкае ў старажытнасці, на беларускіх землях распаўсюдзілася толькі ў XIX ст., калі наш горад ужо даўно існаваў.


 


Joomla CMS