Як яўрэі перайшлі ў праваслаўе

   Слабада сёння займае паўднёва-заходную частку горада. Раней гэта была вёска, якую называлі Дварцовай Слабадой. Называлі яе так, таму што ўсе землі вёскі разам з жыхарамі належалі каралеўскаму двару ў асобе намесніка караля ў Лідзе.
   Прыблізна каля 1860 года была прынята пастанова заснаваць паселішча на землях Дварцовай Слабады. Мясцовыя ўлады пэўна не мелі дакладных указанняў, каго пасяляць на новым месцы. Спачатку пачалі пасяляць яўрэяў. Адразу пасяліліся там чатыры яўрэйскія сям’і: дзве па прозвішчы Ліпніцкія, трэцяя - Баруховіч. На жаль, прозвішча чацвёртай засталося невядомым.
   Праз некаторы час, калі стала вядома аб гэтым у Пецярбургу, адтуль паступіла рашучая забарона, і было загадана пасяляць толькі сем’і праваслаўных. Паўстала пытанне, што рабіць з тымі яўрэямі, якія пасяліліся тут раней і паспелі ўжо абжыцца: абзавесціся сядзібай, жывёлай, рознымі забудовамі і прыналежнасцямі. Вырашыць гэтую праблему магчыма было толькі высяленнем іх з абжытых месц. Але ніхто перасяляцца не пажадаў. Асвоеныя і апрацаваныя па 20 гектараў ворнай зямлі, якія яны атрымалі ў надзел, таксама мелі сваю высокую вартасць. Таму яўрэі рашыліся надалёка ідучы кампраміс: перайсці з іудзейства ў хрысціянства і прыняць праваслаўную веру. Пасля хрышчэння і перапісу да царквы Ліпніцкія прынялі прозвішча Ліпінскіх, Баруховічы сталі Барысевічамі, а чацвёртая сям’я - Кржыжаноўскімі.

 

Кулеш, А. Горад Ліда: гістарычныя крокі развіцця // Гродзенская праўда. – 2000. - 24 кастрычніка.


 


Joomla CMS