Гуды

Gudy   Некалі ў паселішчы з сённяшняй назвай Гуды жылі два неразлучныя сябры. Што цікава, абодва мелі адно і тое ж імя, ды так здарылася, што яшчэ пакахалі адну і тую ж дзяўчыну. Да ўсяго іншага, абодва Міколы нарадзіліся ў адзін і той жа дзень і год. Характары мелі аднолькавыя, да працы любыя ды да рознага штукарства. Толькі ў адным яны мелі розніцу. Адзін з Міколаў меў дзіўны музычны слых, умеў граць на розных інструментах, самім ім змайстраваных, а спяваў так, што ўсё навокал замірала ад яго боскага голасу.

   Другі ж Мікола свой талент меў у іншым: працаваў ён у мясцовай гуце ды такія вырабляў рэчы са шкла і крышталю, што яны здаваліся як жывыя - будзь гэта кветка або птушка, а кубкі ды іншы посуд так зіхацелі, што немагчыма было адарваць ад іх вачэй.

   Так сталася, што ў адзін і той жа дзень Мікола-пясняр і Мікола-гутнік (такія ў іх былі мянушкі для адрознення) заслалі сватоў да сям'і любай ім Ганначкі. Ні бацька, ні маці, ні сама прыгажуня не ведалі, што і рабіць, бо родзічы абодвух Міколаў былі ў вялікай пашане ў акрузе, а тут яшчэ і сэрца маладзёны разрывалася паміж двума віднымі і на ўсё здатнымі хлапцамі.

   Вырашылі так. Цераз месяц збяруцца ўсе людзі вёскі, калі закаханыя перамогуць адзін другога ў трох рэчах, ды таго і будзе Ганна.

   Першым выпрабаваннем была ралля. Аднавяскоўцы ўважліва агледзелі вынікі працы Міколаў, ды так і не змаглі вылучыць лепшага аратага. Потым спаборнічалі ў бегу. Каля дуба іх чакалі самыя хутканогія аднавяскоўцы. Але плячо ў плячо прыбеглі туды Міколы.

   Трэцім было здзіўленне. Кожны прэтэндэнт на Ганулечку асабіста павінен быў нечым адметным захапіць жыхароў сваёй вёскі.

   Першым выцягнуў жэрабя Мікола-пясняр. Запеў ён так, што лёгка стала на сэрцы ва ўсіх людзей. Ад яго голасу забыліся яны пра ўсё, ды і прырода заслухалася, нават салаўі замоўклі. I калі скончылася песня, аднавяскоўцы, мабыць, аддалі б яму перавагу, але на чарзе быў яшчэ яго сябра.

   Выйшаў Мікола-гутнік, і пабачылі сяльчане ў яго руках клетку з накінутым пакрывалам. Паставіў ён яе ў цэнтры, нізка-нізка пакланіўся ўсім, а самага старэйшага жыхара паселішча папрасіў зняць пакрывала і адчыніць клетку.

   Усміхнуўся старэча, падышоў да клеткі і ў момант сцягнуў покрыва. Глянулі людзі, а адтуль - незвычайнае зіхаценне, што нават прыйшлося далонямі крышачку вочы прыкрываць. Адчыніў дзед клетку... I, о, дзіва, выпырхнула адтуль птушачка незвычайнай красы, абляцела яна ўсіх, ды такія каленцы сваім пошчакам пачала вырабляць, нібыта тыя салаўі. Ды не, лепш і чароўней! Заслухаліся людзі, замаўчала ўсё наўкол, нават кудысьці тыя надакучлівыя мухі падзеліся са сваімі братамі камарамі. Зрабіла гэтая казачная птушачка яшчэ адзін аблёт і раптам высока паднялася ў неба, што жыхарам Гудаў здалося - новае сонца з'явілася, а потым ціха-ціха гэтае пявучае сонейка пачало спускацца ўніз, і села яно на плячо Ганны ды так забілася, зашчоўкала, што людзі кінуліся да Міколы-гутніка, высока сталі кідаць яго ўгару, а потым падвялі яго да любай Ганначкі, абвязалі іх самым раскошным ручніком. А цераз дзень было вяселле.

   Вось так і пайшла гуляць па свеце слава пра Гуды.

   А Мікола-пясняр узяў сабе ў жонкі сястру Ганны Марыську і ад'ехаў з сяла. Гавораць, што заснаваў іншае паселішча і там жа паставіў печ і нешта ўсё вырабляў са шкла, але так да вяршынь майстэрства свайго сябра і не дайшоў. Месца, дзе ён жыў са сваімі нашчадкамі і новымі насельнікамі, людзі назвалі Гуткамі.


Маліноўскі, М. Ці гудзеў Гуд у Гудах // Лідская газета. -1998. - 25 ліпеня.


 


Joomla CMS