Леснікі

Lesniki   У адной багатай сям'і нарадзілася дзяўчынка, а пан з пані ўжо ў сталым узросце былі, асабліва пан. Таму праз пару гадоў чалавек гэты цяжка захварэў і неўзабаве памёр. Засталася гаспадыня з малой дачкой на руках, глядзець за якой яна нікому не давярала, усё рабіла сама. А калі ўлічыць, што трэба было наглядаць і за вялікай гаспадаркай, і за тым, як справы ідуць, і за тым, каб нідзе не абкруцілі хітрыя ды сквапныя войты, то стане ясна - спраў у яе хапала. Але ж пані не скардзілася, старалася, каб усё было як мае быць.

   Зайздросцілі сквапныя суседзі, якія спадзяваліся, што за год-другі здолеюць праглынуць землі сваёй суседкі. Ды дзе там! Тады яны пачалі дзейнічаць іншым шляхам, спадцішка то нешта ўкрадуць, то людзей мясцовых з поля пазганяюць. А апошнім часам зусім сорам страцілі - сталі панскі лес секчы і лепшыя бёрны да сваіх сядзіб звозіць. Гаспадыні вяскоўцы гаварылі пра гэта, але ж за руку не злавіў - не маеш права ў пакражы абвінавачваць.

   Аднаго разу пайшла яна з дачушкай, якой было ўжо, можа, гадоў дзесяць, на кірмаш. Вёсачка тая была недалёка ад палаца, усяго з вярсту якую, таму ішлі нетаропка, размаўлялі. Вось ужо і вёска пачалася, і тут дачка гаворыць:

   - Мама, глядзі, вунь хлопчык маленькі чамусьці плача. Усе песні спяваюць, а ён плача.

   - Давай запытаемся.

   Падышлі да таго хлопчыка, якому прыкладна было столькі ж гадоў, колькі і малой панначцы, і пані спыталася:

   - Чаго ты, хлопчыку, плачаш? Усе радуюцца святу, весяляцца, а ты слёзы льеш?

   - Як жа мне не плакаць? Усе нешта смачнае сёння елі, чыста апрануліся, а ў нас на стале сёння і хлеба не было, адна пустая лебяда. Апранахі таксама няма. Таму і не іду да сябрукоў, таму і не радуюся...

   - А дзе ты жывеш?

   - Ды тут, недалёка, вунь у той старэнькай хатцы.

   - А бацька ў цябе ёсць?

   - Так, і татка, і мамка, і сястрычак ды брацікаў многа. Але карміцца нам няма з чаго, таму так блага і жывём.

   - Пайшлі да тваіх бацькоў. Можа, я іх і ведаю...

Прывёў іх хлопчык у хату, а там і сапраўды такая галеча, што і есці няма чаго, і апрануць, нават лавы, каб сесці, не аказалася.

   - Як жа вы жывяце? - здзівілася пані, звяртаючыся да гаспадара.

   - Ды як Бог пашле, так і выкручваемся. Спачатку на лёс наракалі, а потым перасталі, бо ўбачылі, што ўсё супраць нас. Некалі бацька мне зямлі даў крыху, жонцы на пасаг таксама перапала, але як ні працавалі - поле не радзіла. Першыя гады мы думалі, што, можа, нешта не ўмеем. Таму ў людзей пыталіся, прыглядаліся, як яны робяць, - усё дарма, бо ў нас ніва і намнога чысцейшая была, і лепей угноеная, проста не радзіла - і ўсё на тым. Варажбітоў таксама прыводзілі, каб тыя праверылі, ці не наслалі чаго ліхія людзі. Аднак і гэта не дало станоўчых вынікаў.

   - Так, невясёлая справа, - прамовіла пані.

   - Ніва наша не радзіла, а дзеці, самі бачыце, нараджаліся. Спачатку бацькі дапамагалі: то зерня крыху падкінуць, то бульбы, а то і скварку, але цяпер ім самім дапамагаць трэба, бо ўжо ледзьве ходзяць. Таму, пані, у нас і нявесела нават у гэты святочны дзень.

   - Шкада мне вас, людзі. Ведаю я вас, не раз бачыла, як вы шчыра ды самааддана на ніве працавалі, але не чакала, што гэтак блага жывяце.

   - Ды самі мы як-небудзь жылі б. Іх шкада, - выдыхнуў гаспадар з такой скрухай у голасе, што, здавалася, яшчэ імгненне і ён заплача горкімі слязьмі.

   - Не трэба ні самім паміраць, ні дзяцей да гэтага даводзіць. Трэба што-небудзь прыдумаць...

   - Ды мы ўжо па-ўсялякаму, пані, думалі і рабілі - нішто не дапамагае. Відаць, закляты мы нейкім праклёнам, які ляжаць будзе і на нашых нашчадках...

   - Не трэба так гаварыць, што-небудзь прыдумаем...

   Я сама прыдумаю, - запэўніла пані і, адышоўшы на пару крокаў ад гаспадароў, задумалася.

   Прайшло хвілін дзесяць. Муж з жонкай не ведалі, што рабіць, таму моўчкі стаялі і назіралі за нечаканай госцяй, а дзеці спалохана ціснуліся адно да аднаго. Яны яшчэ ніколі ў жыцці не бачылі гэткай прыгожай і багата апранутай жанчыны.

   - А калі так... - нібы сама да сябе звяртаючыся, прамовіла пані і павярнулася да гаспадароў. - А калі мы з вамі вось што зробім. У мяне нехта лес крадзе... Я здагадваюся, хто гэта робіць, але хачу ўпэўніцца і пакласці гэтаму канец. Таму мяркую пасяліць у лесе палясоўшчыка. Ці не пагодзіцеся вы туды перабрацца? Там пракарміцца будзе значна прасцей: грыбы, ягады, рэчка лясная цячэ, рыбы ў ёй заўсёды многа, часам і звер які натрапіць. Лесу на хаціну я вам дам, на гаспадарчыя пабудовы - таксама. Нават людзей сваіх на падмогу падкіну, каб да восені ўсё адбудавалі. Там і невялічкія палянкі-лапінкі ёсць, на іх можна і жыта сеяць, і авёс, і што іншае, калі трэба. Разумею, што за год-два вы мне не аддзячыце, але жыццё ж доўгае, ды і нашчадкі растуць...

   Гаспадары бухнуліся ў ногі: - Пані, родненькая, збавіцелька ты наша, мы за цябе і за тваё здароўе Богу ўсё жыццё маліцца будзем!

   Так на месцы і вырашыла пані самую цяжкую праблему ў жыцці беднай сям'і - як жыць далей. 3 таго дня пачаў гаспадар ахоўваць панскі лес. Стараўся, каб не падвесці чалавека, які ягоных дзяцей ад смерці ўратаваў. Будыніны спраўныя да восені паставілі, пасеялі на зіму жыта. I справа пайшла на лад. 3 кожным годам тым гаспадарам усё лягчэй і лягчэй жылося. Ураджай добры здымалі, дзеці падраслі і пачалі дапамагаць, а самае галоўнае - стала шанцаваць ім ва ўсім.

   Той род увесь на тым самым месцы і жыў: і дзед, і бацька, і сыны, і іхнія нашчадкі. Таму калі вёска стала, то назвалі яе па занятку - Леснікі.


Гродзеншчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў (Склад., запіс., апрац. А.М.Ненадаўца). - Мн.: Беларусь, 1999.


 


Joomla CMS