Вялічкаўскае возера

vozera1   Даўным-даўно ля дарогі (цяпер шаша Ліда — Новагародак) стаяла вялікая вёска Вялічка. Людзі жылі ў ёй багата. Толькі на канцы вёскі ад дарогі жыла бедная ўдава з маленькімі дзецьмі.

   Аднойчы ў вёску прыйшоў жабрак, стары сівы дзядок. Ён абышоў усе двары, але яму ніхто нават і скарынкі ў торбу не кінуў. Зайшоў дзед і да ўдавы. Ужо вечарэла, і дзядок папрасіўся нанач. Жанчына ласкава запрасіла старога сесці і дала павячэраць міску нішчымнай заціркі. На гэтую зацірку яна заварыла апошнюю жменю жытняй мукі. Жабрак застаўся начаваць.

   Назаўтра жанчына ўстала і здзівілася: у хаце і ў каморы было многа хлеба і ўсяго іншага. А дзед ёй сказаў:

   — Выйдзі, кабета, з хаты з дзецьмі і ідзі не агладаючыся, хоць што-небудзь і пачуеш. Як аглянешся то на месцы тваёй хаты вырасце груша.

   Жанчына так і зрабіла. Толькі яна адышла за вёску, як пачула ззаду трэск, шум і енк людзей. Усё крышылася і ламалася. Вёска прапала, а на яе месцы ўтварылася возера, а замест хаты ўдавы на беразе возера стаяла груша. Жанчына павярнулася, хацела пайсці паглядзець, што здарылася, але тут жа пераўварылася ў камень.

vozera2

   На другі дзень людзі з суседніх вёсак бачылі, як з возера выплывалі аконныя рамы, дзверы і іншая хатняя дробязь. Людзі пачалі збіваць жэрдкі, каб памераць дно, то з вады чалавечы голас сказаў:

   — Не мерай тычыною, бо памераеш галавою.

   Усё ж такі самыя цікаўныя ўзялі доўгую вяроўку, прывязалі камень і апусцілі на дно. Дна не дасталі, а з вады пачуўся голас:

   — Не мерай вяроўкаю, бо памераеш галоўкаю.

   Адзін чалавек пры гэтым утапіўся, і яго як ні шукалі, не маглі знайсці, хоць возера было невялікае.

   Цяпер на беразе Вялічкаўскага возера расце старая груша і ляжыць вялікі камень з адбіткам быццам бы рукі жанчыны.




Легенды і паданні // складальнікі М.Я.Грынблат і А.І.Гурскі – 2-е выд., дап. і дапрац. – Мн.: Бел.навука, 2005. С.391-392


 


Joomla CMS