Капліца ў Цвермах

kapl1kapl2kapl3kapl4

   Згодна паданню, каля вёскі Цвермы ў голым полі расла сасна. Каля яе праходзіла дарога, якая злучала дзве вёскі – Цвермы і Дворышча. Аднойчы па гэтай дарозе ішла жанчына з нямым дзіцем. Раптоўна пачалася навальніца і жанчына вырашыла схавацца пад сасной. Падчас навальніцы маланка стрэліла ў гэтае адзінае дрэва. Хлопчык вельмі спалохаўся, што нават выкрыкнуў слова: "Мама!". Жанчына ад радасці падняла вочы да неба, каб выказаць падзяку Богу, і ўбачыла, што яна стаіць не пад зусім звычайным дрэвам. Калі ў звычайнай сасны галінкі апускаюцца ўніз, то галінкі гэтага дрэва былі ўсе перакручаны. Быццам дрэва перажыло якое-небудзь гора, шмат пакутвала.

   Жанчына расказала гэту гісторыю сваім аднавяскоўцам. Яны вырашылі ўшанаваць месца і паставілі там драўляны крыж. Сюды пачалося паломніцтва. Дзяўчаты вешалі на галінкі дрэва вышываныя ручнікі, паяскі, загадвалі пажаданні, звярталіся з просьбамі. Многія людзі вылечваліся каля гэтага крыжа. Мясцовыя жыхары адносіліся да крыжа з асаблівай павагай. Таму, калі з цягам часу, дрэва, з якога быў ён выраблены, стала рассыпацца, вернікі як вялікую рэліквію бралі шчэпкі яго і неслі дамоў. А жыхар Цвермаў Стэфан Валяль разам з жонкай Марыянай паставіў новы крыж і змясціў на ім фігуру Збавіцеля. З цягам часу тут пабудавалі драўляную капліцу.

   У 50 – 60-я гады XX ст., у часы атэістычнай прапаганды, у вёску прыехаў нейкі начальнік і загадаў знішчыць капліцу. У адзін з дзён да яе быў падагнаны саўгасны трактар з Дворышчаў. Трактарыст, якому было вытлумачана: капліцу патрэбна знішчыць, - каб не рабіць гэтага, наўмысна пашкодзіў трактар. Тады быў выкліканы саўгасны механік, які адрамантаваў тэхніку, і нялюдская справа была здзейснена. З каплічкі дазволена было вынесці толькі крыж, які вернікі аднеслі ў Тракельскі касцёл. Страпілы ад капліцы перавезлі ў Дворышча і выкарысталі для даху на сенавале. Праз тыдзень будынак разваліўся. Камені з фундамента капліцы перавезлі на ферму. Тыя людзі, якім прыходзілася рамантаваць гэты будынак, ці паміралі, ці цяжка хварэлі.

   На жаль, вялізнае дрэва з часам спасціг такі ж лёс, як і капліцу. Сасну спілавалі, і мясцовыя жыхары доўга ўзгадвалі пра тое, што па колеру смала яе нагадвала кроў. Таму ні ў каго не паднялася рука, каб распілаваць ляжачае дрэва, і сёння разгалістыя сухія галіны яго нагадваюць людзям пра даўнія падзеі.

   У 2007 годзе на сродкі вернікаў-фундатараў каля сасны была пабудавана новая каплічка і на Радуніцу асвечана. З Тракеляў была вернута рэлігійная святыня – Крыж з выявай Ісуса Хрыста.

   З'яўленню новай капліцы папярэднічала наступная гісторыя. Адзін малады чалавек, які жыве ў Лідзе, але карані яго з Дрорышчаў, прысніў сон. Быццам ён прыехаў на тое месца, дзе ляжала сасна. Падняў галінку дрэва, а адтуль выпаўзла змяя, якая гатова была яго ўкусіць. Аднак чыйсці голас быццам паралізаваў змяю і звярнуўся да мужчыны з прапановай: "Прыедзь на гэта месца і пастаў крыж". Мужчына не звярнуў ніякай увагі на гэты сон. Аднак праз некаторы час, калі ён цяжка захварэў, на розум прыйшлі словы са сна. Чалавек ён быў веруючы, таму разам з жонкай вырашылі паставіць крыж каля сасны. Яны зрабілі металічны крыж, асвяцілі яго і адвезлі на тое месца. Не прыйшлося нават ямы капаць, каб замацаваць крыж, таму што ў зямлі была спецыяльная адтуліна. Магчыма гэта вельмі здзівіла мужчыну, таму і вырашыў ён адбудаваць тут капліцу. І дапамаглі яму ў гэтым яго сябры.


Запісалі ад Марцінкевіч Людмілы Уладзіславаўны (1959 г.н.), загадчыцы Дварышчанскай бібліятэкі


 


Joomla CMS