Каплічка ля Цвермаў

   Жыў некалі ў Цвермах чалавек па прозвішчу Жак. Аднаго разу араў ён поле і знайшоў там крыж. Узяў яго селянін і прынёс дадому. Маўляў, прымацую яго дзе-небудзь. Аднак за працаю часу на гэта не знаходзіў. Прайшло тры дні, і ўся сям'я вяскоўца пачала траціць зрок. Заспяшаўся Жак да святара расказаць аб сваёй бядзе, а той і кажа яму: "Адхіліся ад работы, знайдзі час устанавіць крыж на тым месцы, дзе выараў яго з зямлі". Так селянін і зрабіў. I зрок да членаў яго сям'і вярнуўся.

   3 таго часу да крыжа ішоў пакланіцца мясцовы люд. 3 гадамі поле, на якім араў Жак, зацягнулася лесам, а ўстаноўлены крыж, паколькі быў драўляным, пачаў сыпацца на трэсачкі. Іх людзі бралі як рэліквію і неслі дадому. Тады прадоўжыў справу свайго аднавяскоўца Стэфан Валяль: паставіў на святым для вернікаў месцы новы крыж з фігуркай Хрыста.

   Ужо ў дваццатым стагоддзі, а дакладней, у 1935 годзе, ксёндз лідскага Фарнага касцёла Баярунец разам з парафіянамі вырашыў пабудаваць тут каплічку. Прыгожае, велічнае збудаванне было асвенчана. Пачалі праводзіцца імшы. Старажылы памятаюць, што, напрыклад, на імшу, якая стала традыцыйнай на другі дзень каталіцкага свята Заслання Духа Святога, збіралася да паўтара дзесятка тысяч чалавек.

   У 60-х гадах, калі пачалася антырэлігійная кампанія, быў дадзены загад зруйнаваць каплічку, прыпыніць пакланенне святыні. Па расказах, хоць і баяліся вяскоўцы тады пярэчыць рашэнням, прынятым наверсе, ды ўсё ж некаторыя кінуліся на абарону святога месца. "Людзі, бярыцеся за рукі, станавіцеся сцяной, не дадзім каплічцы загінуць!" — клікала на абарону збудавання тых, хто прыбег сюды, старэнькая бабуля. Ды дзе ж можна было спыніць тэхніку - трактар, які прыгналі, каб разбурыць пабудову?! Удар, яшчэ адзін... I нібы надломленая болем, упала на зямлю каплічка.

   Праўда, вясковец з Цвермаў Станіслаў Бепка змог-такі ўратаваць некаторыя фігуры святых, крыж, што былі ў самой капліцы. Іх потым перадалі ў Тракельскі касцёл.

   3 цягам часу лягла на зямлю і вялікая сасна, якая расла на гэтым святым месцы. А вось ужо пілаваць яе на кавалкі ні ў каго рука не паднялася, паколькі казалі, што тыя, хто меў такую спробу, бачылі на камялі крывавыя слёзы...

   Адраджэнне святога месца адбылося гадоў пяць назад. Пачалося з таго, што жыхар вёскі Гімбуты Капачэль прысніў сон, у якім яму прыбачылася, што паратунак ад сваіх недамаганняў знойдзе толькі тады, калі зоймецца аднаўленнем разбуранай капліцы ля Цвермаў. Першае, што зрабіў гэты чалавек, - паставіў на тым месцы жалезны крыж. I зноў жа людзі казалі, што пэўнага кавалачка зямлі, дзе б мог замацаваць крыж, ён доўга не мог знайсці. I раптам - знайшлося такое месца. Атрыбут веры лёгка ўвайшоў у глебу.

   Пазней на сродкі вернікаў-фундатараў была пабудавана і новая каплічка. Яе асвяцілі ў чэрвені 2007 года. I зноў, як у тыя далёкія часы, пачалі кожны год ладзіцца імшы ды свята. Але шматлікія вернікі збіраюцца не толькі на яго. Прыязджаюць сюды людзі кожны дзень. У думках услаўляючы Усявышняга, просяць яны парады і дапамогі ў жыцці і справах. I просьбы іх не застаюцца непачутымі".


Петрулевіч, Л. Каплічка ля Цвермаў.// Лідская газета. - 2010. - 12 жніўня.


 


Joomla CMS